САЛЯНА́Я ТЭКТО́НІКА, галакінез,

працэсы і структуры, звязаныя з перамяшчэннем саляных мас у зямной кары. Развіваецца пры наяўнасці саляносных фармацый з магутнымі пластамі каменнай і калійных солей, нераўнамерным ціску вышэйляжачай тоўшчы і дыферэнцыраваным перамяшчэнні падсалявога ложа і фундамента ў выніку тэктанічных працэсаў. З прычыны пластычнасці і адносна нізкай удзельнай вагі саляныя масы перамяшчаюцца на ўчасткі з меншым ціскам. Узнікаюць саляныя масівы, якія прыўздымаюць, выгінаюць (нярэдка прарываюць) верхнія пласты і ўтвараюць саляныя структуры (купалы, антыкліналі, геміантыкліналі, штокі і інш.). Над участкамі, з якіх адцякае соль, надсалявыя пласты прагінаюцца, утвараюцца кампенсацыйныя мульды. У краявых і міжгорных прагінах складкавых абласцей, дзе С.т. развіваецца ва ўмовах бакавога ціску, саляносныя ўтварэнні праяўляюцца ў ядрах лінейных складак, нярэдка ўздоўж ліній тэктанічных разрываў. У скляпеннях і крылах саляных купалаў і антыкліналей часта знаходзяцца паклады нафты і газу, а саляныя ядры распрацоўваюцца для атрымання каменнай і калійных солей. Класічныя вобласці С.т. — Прыкаспійская ўпадзіна, упадзіна Мексіканскага зал. і яго ўзбярэжжа і інш. На Беларусі С.т. пашырана ў Прыпяцкім прагіне. Найб. актыўна праявілася ў верхнефаменскай галітавай субфармацыі (памеры падняццяў 10—30 км²) і ў меншай ступені ў верхняфранскай саляноснай фармацыі (70—100 км²). Большасць з падняццяў прыразломныя, надразломныя, нярэдка групуюцца ў саляныя валы (напр., Рэчыцкі вал). Некат. ядры або скляпенныя і прыскляпенныя ч. саляных купалаў і антыкліналей маюць нафтавыя паклады. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.

Д.​М.​Ярошына.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)